Жанры
Регистрация
Читать онлайн Падымныя рэестры Менскага ваяводства. Менскі павет. Rejestry podymnego wojewodztwa minskiego. Powiat minski. 1775 бесплатно

Падымныя рэестры Менскага ваяводства. Менскі павет. Rejestry podymnego wojewodztwa minskiego. Powiat minski. 1775



Редактор Дзмітрый Дрозд

ISBN 978-5-0059-3398-0

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero

Апрацаваў Дзмітрый Дрозд

Навуковы рэдактар: кандыдат гістарычных навук Д. В. Лісейчыкаў.

  • Праверка польскага тэксту Г. Дадас (Варшава)

Падымнае – асноўны дзяржаўны зямельны падатак у Рэчы Паспалітай у 17 – 18 ст. Яго плацілі сяляне, мяшчане і дробная шляхта, а з 1775 года падымнае сталі плаціць і феадалы.

(с) Д. М. Дрозд, укладанне, паказальнікі, дадаткі, 2022

(с) Д. В. Лісейчыкаў, «Ад навуковага рэдактара», 2022

Ад навуковага рэдактара

Апрацоўка і падрыхтоўка да выдання новых гістарычных крыніц з’яўляецца важным накірункам навуковай дзейнасці. Апошнім часам археаграфічныя выданні набываюць усё большую запатрабаванасць у сувязі з ростам папулярнасці генеалагічных даследаванняў. Аднак пераважная большасць выкарыстоўваемых генеалагічных крыніц па тэрыторыі сённяшняй Беларусі як правіла абмяжоўваецца перыядам уваходжання беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі (1795—1917 гг.). Гэта тлумачыцца як масавасцю крыніц гэтага перыяда, так і іх пераважнай даступнасцю – большасць дакументаў складалася на рускай мове. Дакументы перыяду Рэчы Паспалітай патрабуюць ад даследчыка не толькі валодання польскай і лацінскай мовамі, але і ўпэўненага ведання палеаграфіі. Таму XVIII ст. і больш раннія часы для асноўнай масы аматараў гісторыі з’яўляюцца сапраўднай terra incognita.

Кніга, падрыхтаваная Дзмітрыем Драздом, заклікана часткова запоўніць гэты прабел. Сам гісторык ужо добра вядомы навуковай грамадскасці ў якасці складальніка шэрагу грунтоўных даведнікаў пад агульнай назвай «Землевладельцы Минской губернии». Гэтым разам даследчык вырашыў паглыбіць храналагічныя рамкі сваіх зацікаўленасцей і падрыхтаваць падобнае даведачнае выданне па землеўладальніках Міншчыны ў XVIII ст. Для дадзенай мэты былі абраны падымныя рэестры Мінскага павету 1775 г.

Падымнае – адзін з асноўных відаў падаткаў у Рэчы Паспалітай, усталяваны Канстытуцыяй Вальнага Сойму ад 20 лютага 1629 г. Паколькі абкладанню ім падлягалі прадстаўнікі ўсіх саслоўяў, то падымныя рэестры з’яўляюцца важнай крыніцай па эканамічнай гісторыі і генеалогіі канкрэтных рэгіёнаў. Дзякуючы гэтаму віду крыніц можна не толькі адсачыць аб’ёмы свецкага і царкоўнага землеўладання, велічыню таго ці іншага маёнтка, але і да драбніц узнавіць структуру тагачаснага насельніцтва. Апрача гэтага рэестры падымнага з’яўляюцца каштоўнай крыніцай па тапаніміцы края.